матылёк сям. агнёвак, мнагаедны шкоднік с.-г. культур. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Пашкоджвае каля 230 відаў пераважна буйнасцябловых раслін, найб. кукурузу, каноплі, проса, хмель, таксама бульбу, сланечнік. У пашкоджаных раслін засыхаюць і пераломліваюцца сцёблы, суквецці, зніжаецца ўраджай зялёнай масы.
Крылы ў размаху 24—32 мм; у самак пярэднія ад светла-жоўтых да карычняватых, упоперак 2 цёмныя зігзагападобныя лініі; у самцоў крылы больш цёмныя. Яйцы адкладваюць на ніжнюю паверхню лісця. Вусені даўж. да 25 мм, светла-шэрыя, з цёмнай паласой уздоўж спіны, развіваюцца ў сцёблах. За год 2 пакаленні. Зімуюць дарослыя вусені ў расл. рэштках.